“Як Літва з Каронай Польскай ітэгравалася, або Вунія 1569”




Это короткое описание истории соеденения ВКЛ и Королевства Польского. Автор статьи рассказывает о том, что было написано в люблинской унии 1569 года, когда на карте Европы образовалось новое государство – Речь Посполитая.


3 ліпеня (2 красавіка паводле новага стылю) 1569 г. урадавая газэта ВКЛ “Феодальная Белоруссия” друкуе на першай старонцы спэцыяльны рэпартаж прысьвечаны падпісаньню ў Любліне гістарычнай Вуніі, згодна якой Вялікае Княства Літоўскае і Польская Карона павінны аб’яднацца ў адзіную дзяржаву – Рэч Паспалітую. Матэрыялы сьвяточнай цырымоніі прамульгацыі Вуніі вялікім князем літоўскім і адначасова каралём польскім Жыгімонтам І пачынае слоган уверсе паласы: “Вуніі народаў быць! Ворагі інтэграцыі брацкіх славянскіх народаў пацярпелі канчатковае паражэньне. Аб’яднаньне Вільні й Кракава стварае надзейны шчыт на шляху агрэсіўнага пашырэньня Маскоўскага княства на Захад”. Аднак ворагі вуніі гэтак ня думалі. Геапалітычная сытуацыя, у якой апынулася Беларусь напрыканцы ХVІ стагодзьдзя характазавалася экскаляцыяй зьнешняй і нутраной напружанасьці. Калі мова зайшла аб міжнароднай сытуацыі, трэба перш за ўсё ўзгадаць пра наступствы штучнага развалу Кіеўскай Русі, за якім стаялі проіскі юдэяў Хазарскага каганату і варагаў, якія сядзелі на калектары Варагі-Грэкі. Больш другіх безумоўна прыклалі руку да развалу агульнага славянскага дому ЦРУ (Царское Разведывательное Управленіе) – варожая ўсяму славянскаму арганізацыя, за якой стаялі інтарэсы маскоўскіх, вугра-фінскіх і мангольскіх імпэрыялістаў.

Узьніклыя на абшарах былой Кіеўскай Русі маладыя княствы сутыкнуліся з эканамічнымі й сацыяльнымі праблемамі, прычынай якіх быў разрыў гаспадарчых сувязяў: то пяньку не падвязуць, то сарвуць пастаўкі футра, то воск своечасова не адгрузяць. Акрамя таго да ўлады ў маладых княствах прыйшлі скрайнія трайбалісты, якія пачалі праводзіць племянныя чысткі, прымалі граматы аб гаворках. Пачаўся працэс рэабілітацыі Сьвятаполка й ягоных паплечнікаў…

Вялікае Княства Літоўскае (былое Наваградзкае Вечавае Фэадальнае Княства) не абмінулі гэтыя тэндэнцыі. Замест звыклых кіеўскіх грыўняў былі ўведзеныя талеры, якія ня мелі ніякага кошту й трымаліся выключна на фінансавых крэдытах Лівонскага Ордэну. Былы канцлер ВКЛ Станіслаў Радзівіл, прафэсар альхіміі Віленскай езуіцкай акадэміі, і ягоная каманда гублялі час у лябараторыях, спрабуючы ажыцьцявіць перадвыбарчыя абяцаньні – зрабіць з ртуці золата і пагасіць запазычаньні па заробках. На ўзроўні заканадаўчай улады таксама панаваў хаос і анархія. Паны-Рада расшчапілася на фракцыі: контаррэфарматараў-езуітаў, сацыял-антытрынітарыяў і праваслаўных братчыкаў-аграрнікаў. Усе сэсіі напралёт яны толькі й займаліся, што дыскутавалі на тэму Сьвятой тройцы, якой рукой жагнацца й ці трэба есьці мяса ў посныя панядзелкі. Сытуацыя зь вялікім князем была ня лепш. Згодна Статуту 1566 года князь абіраўся пасламі і ня мог нічога зрабіць самастойна: нават каб грамату выдаць ці ў лапту сам-насам згуляць. Такім чынам, можна канстатаваць, што ВКЛ патрэбныя былі рашучыя дзеяньні, каб вывесьці грамадзтва з крызыснага становішча. У пэўным сэнсе да гэтага падштурхоўвала складаная міжнародная сытуацыя.

Маскоўскі князь Іван IV пачынае ў гэтыя гады кампанію за далейшае пашырэньне Маскоўскага княства на Захад. У зону ўплыву Масквы адзін за адным ужо падпалі сувэрэнныя дзяржавы сярэднярускай раўніны – цьверскае, северскае, разанскае княствы й Ноўгарадзкая зямля, зь якіх Іван IV скалаціў агрэсіўны фіна-славяна-вугорскі блёк – МАТО (Маскоўская Апрычніцкая Трэцьцярымская Арганізацыя). У 1554 годзе стала пытаньне аб уключэньне ў МАТО Прыбалтыйскіх крыжацкіх ордэнаў. Балянс сілаў у рэгіёне быў натуральна парушаны й ВКЛ быў вымушаны ўспомніць пра ўжо забытыя каштоўнасьці славянскай салідарнасьці.

Такія ідэі мелі рацыю. Побач, на захадзе знаходзіўся стары славянскі брат – Польшча, дапамогай якога беларусы ня раз карысталіся ў мінулым. Аднак трайбалісты не любілі палякаў і зрабілі шмат пад час свайго праўленьня, каб дыскрэдытаваць у народзе нявідныя ніці славянскага братэрства. Яны нават высунулі лёзунг вяртаньня Беларусі ў Азію. У старых школьных камэнтарах да Бібліі даводзілася, што беларусы паходзяць з гімалайскіх мядзьведзяў і такім чынам зьяўляюцца бліжэйшымі братамі жыхароў Маскоўшчыны, якія, згодна папулярнай вэрсіі, у сваю чаргу, паходзілі ад бурых мядзьведзяў. Відавочна за гэтымі групоўкамі стаялі маскоўскія антыславянскія фонды, што адкрыта фінансавалі так званую незалежную прэсу, накшталт газэт “Прыгон”, “Тытул”, “Панская воля” і нават заснавалі ў Вільні філіял фонда імя Георгія Сорасава (купца-мардвіна, які разбагацеў на розьніцах курсаў дынара й таньгі). Не выпадкова, што падтрыманыя грошамі мардвінскага паходжаньня трайбалісты змаглі перамагчы на наступных выбарах у Паны-Раду 13-га скліканьня і нават прасунулі свайго чалавека – лідэра фракцыі аграрнай шляхты магната Шымона на пост маршалка. Новая Паны-Рада не хацела нават пальцам паварушыць, каб нешта зрабіць на карысьць сьвятой ідэі славянскай еднасьці каталіцкіх народаў.

У гэтыя крытычныя для радзімы дні адзінай надзеяй паспалітага люду стаўся вялікі князь. На трон узышоў Жыгімонт I, які ў прынцыпе быў прыхільнікам каталіцкага вэктара. Да таго як яго абралі князям, ён быў аканомам у гарадзейскай воласьці амсьціслаўскага ваяводзтва, і ведаў настроі простай засьцянковай шляхты. Яму былі праціўныя гэтыя магнаты, якія цураліся сялянаў, пісалі на нікому не зразумелай кірыліцы й ні ў грош ня ставілі рымскага папу. Што было ўжо казаць пра харугвы, якія яны навязалі ВКЛ – чырвона-зялёная з выявай паўсфэры на трох кітах. “Хіба пад гэтымі харугвамі хадзілі нашыя бацькі ў 1410 годзе на Грунвальдзкую бітву” – часта пыталі простыя людзі ў князя. Напэўна ж не… Зь дзіцячых гадоў у памяці князя засталіся словы, што яго навучыла маці: Kto ty jestes – Polak maly – Jaki znak twoj – Orzel bialy – Gdzie ty mieszkasz – W polskiej ziemi. Як раз з рэформы сымболікі й пачаў князь вяртаньне да каталіцкіх карэньняў. Яго верным паплечнікам у правядзеньні новага курсу адразу стаў канцлер Сапега. Зламаць супраціўленьне стаўленьнікаў усходу было вельмі няпроста. Прыйшлося абвесьціць рэфэрэндум, вынікі якога яскрава сьведчылі, што часы забыцьця сваіх вытокаў прайшлі. Народ амаль адзінагалосна падтрымаў любімага князя й прыняў герб “Пагоня”. Што да так званай апазыцыі, то яна заставалася ў палоне мінулых часоў і цалкам спадзявалася на тое, што ні сёньня дык заўтра прыйдуць апрычнікі Івана Жахлівага і ўсё будзе добра.

Наступным лягічным крокам князя стаў перагляд Статуту 1566 году. Што й казаць, старая рэдакцыя Статуту нікуды не гадзілася. Ад яе так і перла часамі, калі ўсё вырашалі міжнародныя цэнтры, накшталт “Мангольскага Валютнага Фонду” (МВФ). Праект новага Статута, распрацаванага Сапегам, прадугледжваў значнае пашырэньне вялікакняскіх паўнамоцтваў, узмацняў працоўную дысцыпліну на вёсцы і, самае галоўнае, абвяшчаў курс на інтэграцыю з братняй Польшчай як прыярытэтным напрамкам вонкавай палітыкі. Акрамя таго, плянавалася распусьціць існуючую Паны-Раду і ўвесьці новыя саюзныя заканадаўчыя органы – Пасольскую Ізбу Сойму і Сэнат Сойму. Але заўсёднікі Паны-Рады безумоўна не хацелі паступацца сваімі прывілеямі – бясплатны праезд на падводах па тэрыторыі Княства, віленская прапіска, замежныя камандоўкі ў складзе пасольскіх груп. Як сьлед сацыяльна-палітычная канфрантацыя ў краіне рэзка абвастрылася. З Масквы пэрманэнтным патокам праз усходніх дыпляматаў і незалежныя фонды йшлі грошы, сьпірт, літаратура… Усё рабілася для таго, каб дэстабілізаваць сытуацыю ў рэгіёне і не дапусьціць стварэньня моцнай славянскай дзяржавы. У хуткім часе на вуліцах Вільні пачаліся бойкі й сутычкі прыхільнікаў і праціўнікаў літоўска-польскай вуніі. Апазыцыянэры дэфілявалі па горадзе з незарэгістраванай чырвона-зялёнай сымболікай і па-ўсякаму абражалі годнасьць князя і рымскага папы. Асабліва любіла апазыцыйная прэса пускаць “качак” наконт таго, что Жыгімонт пад выглядам вуніі намагаўся сесьці на польскі прастол. Папраўдзе, Жыгімонт сапраўды быў каралём польскім, але на шматлікія просьбы польскае шляхты. Уладам нічога не заставалася як сіламі Атрадаў баяраў асаблівага прызначэньня расьсейваць бунтоўшчыкаў, сярод якіх было шмат абманутых Усходам сэмінарыстаў, а іхніх лідэраў садзіць на кол ад трох да пятнаццаці сутак. Некаторыя пасьпелі зьбегчы за мяжу й атрымаць палітычны прытулак у Крымскім ханстве. Між тым, на рэфэрэндуме народ ізноў галасаваў за прапановы Жыгімонта: Статут 1588 году быў ухвалены. Спадарам з Паны-Рады прыйшлося саступіць свае месцы новым абранцам народу.

Працэс вуніі стаў у магістральную каляіну, але стаўленьнікі Масквы ўсё ніяк не хацелі прызнаваць сваё гістарычнае паражэньне. Іхнім новым каньком стала арганізацыя дыпляматычнай блякады ВКЛ. Для гэтага дэпутаты Паны-Рады інсьпіравалі паўсюль чуткі, што Жыгімонт несапраўдны князь, а Сойм абраны з дапамогай сатанінскай сілы. Ілжывая прапаганда мела плён. Мангольскі курултай, Круг запарожскіх казакоў і Баярская дума адмовіліся прызнаваць паўнамоцтвы Сойма. Мандаты яго дэпутатаў, зразумела, прызнала толькі Польшча.

Нажаль, варта прызнаць, нашчадкам Жыгімонта не ўдалося захаваць саюз. МАТО, абапіраючыся на пятую калёну ўнутры ВКЛ – нязначную праваслаўную меншасьць – урэшце здолела ўключыць тэрыторыю ВКЛ у сфэру свайго ўплыву і ў 1795 годзе акупавала ВКЛ.

Але да сёньняшняга дня жыве ідэя славянскага адраджэньня, якая позна ці рана пераможа. Гэй, славяне!

Крыніца: Газэта «НАВІНКІ» (No.3, 22.04.1998)

0 0 оценок
Рейтинг статьи

Подписаться
Уведомление о
0 комментариев
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
Посмотреть все комментарии